Дхаммапада. Частка другая

Пераклад: 
класічная паэзія, вершы па-беларуску, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(урыўкі)

Разьдзел чатырнаццаты. Будда

179

Між пераможцамі — найвялікшага,
перамога якога ёсьць неадпрэчнаю,
абуджанага, жыхара бясконцасьці,
недасяжнага — як ты зьнішчыць манісься?

180

Для каго ні жарсьці няма; ні прагнасьці,
каб зьняволіць яго, у сіло заблытаўшы;
абуджанага, жыхара бясконцасьці,
недасяжнага — як ты зьнішчыць манісься?

186

Нават у дажджы манэтаў
не знайсьці спатолю жарсьці.
Мала ўцехі ў асалодах.
Зразумеўшы гэта, мудры

187

нават боскіх асалодаў
дамагчыся не імкнецца.
Руйнаваць спакусы любіць
вучань Будды паслухмяны.

188

Шмат куды сыходзяць людзі —
у сады, лясы і горы,
у сьвятыні сярод дрэваў,
уцякаючы ад страху.

189

Ненадзейны той прытулак,
бо ня ёсьць ён найвышэйшым.
У такі прытулак прыйдзеш —
і пакуты не пазбудзеш.

190

Хто ж у Будду, Дхамме, Сангсе*
схованку знайшоў, прыняўшы
ўзьнёслыя Чатыры праўды —
толькі той убачыў мудрасьць:

*Так званыя «Тры каштоўнасьці» буддызму: Будда, яго Вучэньне і Супольнасьць яго вучняў (буддыстаў).

191

пра пакуту, узьнікненьне
ды агораньне пакуты
й васьмічасткавую сьцежку
да адоленьня пакуты.*

*Гэта і ёсьць Чатыры ўзьнёслыя праўды: існаваньне пакуты, узьнікненьне пакуты, магчымасьць пераадоленьня пакуты і спосаб яе пераадоленьня (Васьмічасткавая сьцежка).

Разьдзел пятнаццаты. Шчасьце

197

Па-сапраўднаму шчасьліва,
ад нянавісьці далёка,
сярод тых, што ненавідзяць,
безь нянавісьці жывём мы.

198

Па-сапраўднаму шчасьліва,
ад хвароб усіх далёка,
сярод хворых безнадзейна
не хварэючы жывём мы.

199

Па-сапраўднаму шчасьліва,
ад пажаднасьці далёка,
сярод сквапнікаў і хціўцаў
без пажаднасьці жывём мы.

200

Па-сапраўднаму шчасьліва,
без маёмасьці жывём мы.
Толькі радасьць сілкаваць нас
будзе, як багоў зіхоткіх.

201

Перамога плодзіць крыўду,
пераможаныя церпяць.
Ціхамірнасьць плодзіць шчасьце
без параз, без перамогаў.

202

Жарсьць — агонь пякучы самы,
гнеў — найгоршае між кепстваў,
самы боль — у зьбегу скандхаў*,
шчасьце самае — ў спакоі.

*Скандхі (канды) — пяць складнікаў мэнтальнай рэальнасьці (форма, пачуцьцё, успрыманьне, мэнтальная фармацыя і сьвядомасьць).

203

Голад — страшная хвароба,
абумоўленасьць — пакута.
Для таго, хто бачыць праўду,
шчасьце вышняе — Ніббана.

204

Быць здаровы — скарб найбольшы,
бестурботнасьць — вось багацьце.
Той — сваяк, хто не падмане.
Шчасьце вышняе — Ніббана.

205

Пахкай выпіўшы самоты,
наталіўшыся спакоем,
вольны ад жуды, ад злога,
п’еш ты слодыч шчасьця Дхаммы.

207

Той, хто з дурнямі вядзецца,
доўга потым шкадавацьме.
Горка жыць між неразумных,
сярод ворагаў нібыта.
Жыць сярод разумных — шчасьце,
бы з раднёю сустракацца.

208

Таму напраўду:
Мудры, дбайны, які шмат ведае,
пачцівы, гжэчны, у цноце настойлівы —
з такім падарожнічайце, разумныя,
няўхільна, быццам той Месяц з зоркамі.

Разьдзел шаснаццаты. Прывязанасьць

210

Не прывязвайся да любых
і зь нялюбымі ня знайся,
бо пасьля бязь любых — гора,
а зь нялюбымі — няшчасьце.

211

Не звыкайся быць між любых,
бо расстаньне закатуе —
безь ярма адзіна тыя,
хто ні любіць, ні ня любіць.

218

Хто імкнецца ў невыказнасьць,
у каго адкрыты розум,
не зьняволены пажадай,
той «ідзе супроць цячэньня».

219

Хто вяртаецца здаровы
з доўгай, дальняе вандроўкі,
то сябры таго й сямейства
не нацешацца з сустрэчы.

220

Гэтак жа і дабрадзейных,
калі сьвет яны пакінуць,
дзеі іхныя абдымуць,
як вяртаньніка — сямейства.

221

Гнеў адкінь і забудзь фанабэрыю,
перарві ўсе свае путы й повязі,
да імя-формы ты не прывязвайся,
кінь усё — і пакута адчэпіцца.

Разьдзел сямнаццаты. Гнеў

222

Хто стрымае хвалю гневу,
быццам воз неўтаймаваны,
вазаком заву такога!
Рэшта — проста лейцы сьцяла.

223

Злосьць нязлосьцю пераможаш,
дабрынёй — недабрамыснасьць,
шчодрасьцю — карысталюбства,
праўдаю — таго, хто хлусіць.

224

Не хлусі і не гнявіся,
як папросяць — дай хоць троху.
Вось тры ўмовы, на каторых
ты ў багоў прысутнасьць трапіш.

227

Так заўжды было, Атула*,
а ня толькі сёньня стала:
моўчкі седзячага — ганяць,
надта гаваркога — ганяць,
і негаваркога ганяць.
Беззаганных не бывае.

*Атула — чалавек, які прывёў сваіх сяброў паслухаць Будду і ягоных вучняў.

228

Не было ані ня будзе,
і цяпер няма нікога,
вартага выключна ўхвалы
ці выключна асуджэньня.

Разьдзел васямнаццаты. Загана

235

Ты — як лісьце счэзлае цяпер,
па цябе прыйшлі служкі Ямавы*.
На парозе сьмерці ты стаіш,
і з сабой табе ўзяць няма чаго.

*Бога сьмерці.

236

Будзь сабе самому востравам,
мудры будзь, адразу дзейнічай.
Ад брыдоты ўсякае ачышчаны,
у краі высакародных трапіш ты.

237

Пры канцы жыцьцё тваё цяпер,
уладаньні Ямы ўсё блізяцца.
Па дарозе не спачыць нідзе,
і з сабой табе ўзяць няма чаго.

238

Будзь сабе самому востравам,
мудры будзь, адразу дзейнічай.
Ад брыдоты ўсякае ачышчаны,
не народзісься ўжо й не састарысься.

239

Той, хто мудры, паступова,
крок за крокам, міг за мігам,
як каваль — адлітак срэбра,
ачышчае дух ад псоты.

240

Як іржа, што родзіцца з жалеза,
гэтае ж жалеза й разьядае,
так манах, свайму майну* адданы,
сам сабе псуе перараджэньне.

*Вопратка, міласьціна, страха і лекі.

244

Лёгка тым, хто несумленны,
хто, нібы крумкач той, дзёрзкі,
быццам выскачка, нахабны.
Лёгка жыць жыцьцём нячыстым!

245

Цяжка жыць жыцьцём сумленным
і да чысьціні імкнуцца,
цяжка быць нядзёрзкі, шчыры,
цяжка жыць паводле праўды.

251

Жарсьць — агонь пякучы самы.
Гнеў — найжорсткая з аброцяў.
Невуцтва — сіло з найгоршых.
Прагнасьць — плынь, што мкне бясконца.

252

Лёгка бачыць хібы іншых,
хібы ўласныя — складана.
Вáды іншых выкрываеш,
быццам лузгаеш зярняты,
а свае хаваеш вады,
як махляр — няўдалы фокус.

254

Ні дарог няма на небе,
ні манахаў — па-за Сьцежкай.
Людзі любяць апантанасьць.
Будда ад яе свабодны.

Разьдзел дзевятнаццаты. Праведны

256

Не завецца справядлівым,
хто сьпяшаецца з высновай.
Той — мудрэц, хто спраўна ўзважыць
як дабро, так і благое,

257

неўпярэджана, нясьпешна,
справядліва іншых судзіць —
гэткі Дхаммы абаронца
слушна праведным завецца.

260

У старэйшыны трапляюць
не за валасы сівыя.
Хто бяз мудрасьці сьсівеўшы,
той жыцьцё прамарнаваўшы.

264

Нават голаў пагаліўшы,
хлус манахам не зрабіўся.
Не скарыўшы гнеў і прагнасьць
ён манахам быць ня можа.

266

Той ня ёсьць яшчэ манахам,
хто па міласьціну ходзіць
і выконвае абрады —
не яны манаха робяць;

267

хто ж ад гора й шчасьця сьвету
адсланіўся безграхоўна,
зразумеўшы сьвет дарэшты —
той манахам можа звацца.

268

З дурня й невука маўчаньне
мудраца яшчэ ня зробіць.
Мудры — той, хто, як бязьменам,
слушна вартасьць вызначае.

Разьдзел дваццаты. Сьцяжына

273

З васьмічасткавай Сьцяжынай
і з чацьвёркай Праўд узьнёслых,
зь неўзрушэньнем, з Прасьвятлёным —
не зраўняецца нічога.

274

Іншае няма Сьцяжыны,
што так вочы раскрывае —
на яе аднойчы стаўшы,
Мару зможаш падмануць ты.

275

На сьцяжыну тую ўстаўшы,
ты пакуты пераможаш.
Так стралу навучыць Будда
даставаць з крывавай раны.

276

Намаганьні сам прыкладвай,
Будда — толькі выкладае.
Хто руплівы — той унікне
цераз дх’яну з путаў Мары.

283

Толькі дрэва мала сьсекчы —
зь лесу жахі выпаўзаюць.
Сьсекшы жарсьцяў лес пад корань,
станьце вольнымі, манахі.

284

Покуль лес пад корань вы ня сьсеклі, —
лес мужчынскай жарсьці да жанчыны, —
ад пажады будзе мысьль залежнай,
як цяля ад матчынага вымя.

285

Адсячы жаданьні ўласныя,
бы зрываеш лотас восеньскі.
Да Ніббаны сьцежкай мірнасьці
ўсьлед за Буддам накіроўвайся.

Разьдзел дваццаць першы. Разнастайныя вершы

294

Без «бацькоў» — тугі й аблуды —
без «цароў» Нішто і Вечнасьць,
край Пачуцьцяў зваяваўшы,
брахман можа спаць спакойна.

295

Ад «бацькоў», ад варажнечы
двух «цароў» цяпер ён вольны;
тыгр пяці заганаў мёртвы —
брахман можа спаць спакойна.

302

Цяжка цешыцца зь бяздом’я —
але й жыць у доме цяжка,
у няроўнасьці грамадзкай,
як туляга па самсары.
Дык ня будзь тады тулягам,
за якім пакута рушыць.

304

Добры з далечы ўжо зьзяе,
як вяршыня — вечным сьнегам;
а вось злога не разгледзіш —
як стралу, што ў цемры раніць.

Разьдзел дваццаць другі. Пекла

308

Лепш распаленую кулю
праглынуць, чым з падаяньня
жыць, ня маючы пры гэтым
сьціпласьці ані сумленьня.

309

Ёсьць чатыры кары легкадумнаму,
што на жонку бліжняга паквапіцца:
траціць цноту, ложа і павагу ён
і нарэшце ў пекле апынаецца.

310

Столькі страт, нярадасная будучыня...
Страх ня дасьць каханкам разьняволіцца...
І ўладар карае чужаложнікаў...
Лепш ня бегай ты за жонкай бліжняга!

311

Вострае сьцябло няўдала
ўхопіш — і далонь парэжаш.
Сан манаскі апаганіш —
і цябе засмокча пекла.

315

Гэтак, як памежны горад
сьцерагуць — знутры і звонку —
гэтак сам сябе пільнуй ты,
каб не прасьлізнуў ні момант!
Хто ня дбае несупынна —
той пасьля гаруе ў пекле.

Разьдзел дваццаць трэці. Слон

320

Быццам слон, што ў гушчы бою
стрэлаў дождж ператрывае, —
зьдзекі вытрымаю годна.
Несумленных поўна ў сьвеце.

321

Калі слон ідзе слухмяна —
на яго ўладар сядае.
Між усіх людзей найлепшы
той, хто вытрымае зьдзекі.

322

Між жывёл — рахманых цэняць:
і аслоў, і коней сіндхскіх,
і сланоў. Зь людзей найлепшы —
сам сабой утаймаваны.

323

У кірунку запаветным
не даедзеш у рыдване —
сам сабою ўтаймаваны
без калёс туды трапляе.

324

Дхаммапалу, волата-слана,
не ўтаймуеш у ягоным юры —
зацугляны, страціў апэтыт:
згадвае жыцьцё ў гаí слановым.

325

Калі нехта сьпіць і есьць зашмат,
паваляцца любіць, падрамаць,
як кабан, адкормлены на ўбой, —
нараджацца будзе зноў і зноў.

326

Мысьль мая раней сабе бадзялася
дзе хацела, дзе жадала, дзе ёй рупіла —
сёньня прыручу, вярну ў загон яе,
як пагоншчыкі круком — слана юрлівага.

327

Будзь заўжды дабрасумленны,
мысьль сваю пільнуй заўсёды.
Вырвіся зь мясьціны гіблай,
быццам слон, што ў багну трапіў.

329

Як сабе ня знойдзеш спадарожніка,
духам і жыцьцём высакароднага —
руш, як заваёўнік, не аглядвайся,
быццам слон-самотнік праз гушчар лясны.

330

Лепей вандраваць самотны,
чымся ў таварыстве дурня;
жыць, ня робячы благога,
і нямногім здавальняцца,
быццам дзікі слон у джунглях.

Разьдзел дваццаць чацьвёрты. Прагнасьць

334

Прагнасьць чалавека несумленнага,
як ліяна, усяго аблытвае.
З аднаго быцьця плыве ў другое ён,
малпай скача па плады ўсё новыя.

335

Гора тым, хто паддаецца
ў гэтым сьвеце празе й жарсьці —
смутак у такіх буяе,
як трава пасьля залевы.

336

Той, хто ўпарта не здаецца
ў гэтым сьвеце празе й жарсьці —
смутак з гэткіх ападае,
быццам з лотасу дажджынка.

337

Вас усіх дабраслаўляю,
колькі вас тут сабралося:
прагнасьць вырвіце з карэньнем,
як у полі пустазельле,
каб сьмерць болей не ламала
пры зямлі вас, як сьцябліну.

338

Карані пакінеш непарушнымі —
дрэва без сумневу зноўку вырасьце.
Гэтак жа і з прагнасьці затоенай
зноў і зноў пакута нараджаецца.

341

Зьменлівыя, поўныя тугі —
радасьці, што ўцеху дораць людзям.
Тыя, хто шукае асалод,
знойдуць зноў уцелаўленьне й старасьць.

342

Людзі, прагнасьці ахвяры,
як трусы ў сіле, кружляюць;
дзесяць ланцугоў пакуты
аплятаюць зноў і зноў іх.

345

«Путы моцныя ня тыя», кажуць мудрыя,
«што з жалеза, ці драўніны, або лыка.
Апантанасьць аздабленьнямі каштоўнымі,
прага мець як мага больш сыноў і жонак —

346

вось сапраўдныя кайданы», кажуць мудрыя,
«непазбыўныя, цяжкія, хоць ня ціснуць —
іх разьбіўшы, у манахі руш вандроўныя,
вольны будзь ад пачуцьцёвых асалодаў.

347

Жарсныя трапляюць у цячэньне,
як павук у павуціньне ўласнае.
Сець парві, сыдзі бадзяцца з мудрымі
без прывязанасьці і пакуты ўсякае.

352

Хто ня прагне, хто бяз путаў,
хто чытач пісаньня здатны,
і хто гукі слушным чынам
упарадкаваць умее —
у апошнім нараджэньні
велькім мудрацом завецца
і вялікім чалавекам.

353

Я той, хто перамог усё і ўведаў сам,
каго нічога ў гэтым сьвеце не запляміць,
я ўсё пакінуў, зьнішчыў прагнасьць, вольны стаў,
уцяміў праўду — дык навошта мне настаўнік?

356

Пустазельле нішчыць поле —
жарсьці нішчаць чалавецтва.
Значыць, той, хто жарсьці вырваў,
ураджай багаты мае.

Разьдзел дваццаць пяты. Манах

366

Хоць манах і немаетны,
бо пра выгаду ня дбае, —
шанаваныя багамі
чысьціня яго і пільнасьць.

367

Хто імя і форму рэчаў
не багоміць ані крышку,
па няісным хто ня тужыць —
называецца манахам.

368

Той манах, што пэўны ў ласцы
і вучэньню Будды верны —
той здаволены і вольны
ад усіх мінучых зьяваў.

369

Разгружай, манах, свой човен —
ён шпарчэй парожнім плыцьме.
Без пажады і бяз гневу
даплывеш ты да Ніббаны.

370

Пяць малых і велькіх путаў,
пяць прывязанасьцяў скінуў,
пяць даброцяў практыкуе —
быстрыню агораў, кажуць.

377

Як язьмін свае суквецьці,
што пачэзьлі, абтрасае,
гэтак жарсьць сваю й нянавісьць
абтрасі зь сябе, пустэльнік.

380

Сам ты ўласны гаспадар і
ўласны лёс. Сябе самога,
як гандляр каня кілзае
зухаватага, таймуй ты.

382

Малады манах, што шчыра
вызнае вучэньне Будды,
па-над гэтым сьветам зьзяе,
бы ў начы бясхмарнай — Месяц.

Разьдзел дваццаць шосты. Брахман

387

Сонца ўдзень прыгожа зьзяе,
Месяц зьзяе ў ночы цёмнай;
кшатрый* зьзяе ва ўзбраеньні,
у глыбокай дх’яне — брахман;
і заўжды, удзень і ўночы,
непагасна зьзяе Будда.

*Чалец ваярскай касты, «шляхціц»

389

Брахману ўдвая ганебней
крыўдаваць, чым быць пабіты.
Сорамна удар наносіць;
на удар зважаць — таксама.

392

Хто табе тлумачыць Дхамму,
мудрасьць праведнага Будды, —
ушануй таго, як брахман,
што агню дары прыносіць.

393

Ні паходжаньне, ні зьнешнасьць
брахманам яшчэ ня робяць.
Верны праўдзе, верны Дхамме,
чысьціні — вось гэта брахман.

394

Маеш зблытаныя космы,
ў скуры антылёпы ходзіш...
Толькі ў мысьлі — лес дрымучы.
Рэшта — вонкавасьць, дый годзе.

395

Хто апрануты ў анучы
і худы, аж бачна жылы,
сам у лесе мэдытуе —
«брахманам» такога клічу.

396

Брахман, я лічу — ня той, хто
з брахманскай сям’і паходзіць:
у такога гэта — званьне,
калі ён з заганнай мысьлю;
а вось хто пазбыўся путаў —
«брахманам» такога клічу.

397

Хто пазбыўся ўсякіх путаў,
хто няўзрушаны праўдзіва,
не прывязаны да сьвету —
«брахманам» такога клічу.

398

Хто адрэзаў, скінуў лейцы
і аброць з папругай разам,
стаў свабодны, абудзіўся —
«брахманам» такога клічу.

401

Як да лотасу — цячэньне,
да стралы — гарчыцы семя,
ён не прыстае да жарсьцяў:
«брахманам» такога клічу.

403

Мудры, што адрозьніць здольны,
дзе сьцяжына, дзе блукальня;
дасягнуў найвышняй мэты:
«брахманам» такога клічу.

406

Між закутых — незакуты,
між гвалтоўных — негняўлівы,
між прывязаных — свабодны:
«брахманам» такога клічу.

409

Не дадуць дабраахвотна —
сам ня возьме аніякіх
рэчаў, добрых ці нядобрых:
«брахманам» такога клічу.

413

Хто, як Месяц — чысты, зыркі,
выкшталцоны, непарушны,
хто зьняпраўдзіў асалоды:
«брахманам» такога клічу.

420

Шлях яго багам ня бачны,
ні гандарвам*, ні зямлянам.
Ён — архат, заган пазбыты:
«брахманам» такога клічу.

*Гандарвы — нябесныя музыкі, кшталт анёлаў.

421

Хто сучаснага, былога
й прышлага няіснасьць бачыць,
хто майна і пут ня мае:
«брахманам» такога клічу.

422

Дужы вол, герой шляхотны,
пераможца і празорца,
знаўца, будда без жаданьняў:
«брахманам» такога клічу.

423

Знаўца жыцьцяў прамінулых,
як нябёсаў, так і пекла,
вольны ад уцелаўленьняў,
цалкам прасьвятлёны, мудры,
той, хто ўсе агораў мэты:
«брахманам» такога клічу.

"Дхаммапада" па-беларуску на Ютуб:

 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Быццам бурбалку пабачыў,
быццам мроя праляцела —
хто на сьвет глядзіць падобна,
той цару ня бачны сьмерці.

Пераклад:
Макс Шчур

Абапершыся на балюстраду,
сьпінаю да мяне стаіць
стары ў жоўтым капелюшы,
ужо мёртвы.

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.