На дне ў Парыжы і Лондане

Пераклад: 
класічная брытанская проза па-беларуску, аўтабіяграфічная, брытанская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(урывак)

ХХІІІ

Як толькі я сышоў з «Карчмы Жана Катара», то заваліўся спаць і праспаў адзінаццаць гадзін. Прачнуўшыся, я першы раз за два тыдні пачысьціў зубы, прыняў ванну, пастрыгся ў цырульні і выкупіў зь лямбарду сваю вопратку. Мяне чакалі два незабыўныя дні абібоцтва. Я нават схадзіў у сваім найлепшым гарнітуры ў «Карчму», пападпіраў там барную стойку і набыў за пяць франкаў пляшку ангельскага піва. Цікавае адчуваньне, быць госьцем там, дзе дагэтуль ты быў парабкам парабкаў. Барыс шкадаваў, што я сышоў з рэстарацыі акурат у момант, калі яны пачалі раскручвацца й зьявіўся шанс зарабіць грошай. З таго часу ён пару разоў мне пісаў: паводле ягоных словаў, ён зарабляе па сто франкаў у дзень і завёў сабе дзяўчыну, зь якой у іх усё trés serieuse і якая не сьмярдзіць часнаком.

Цэлы дзень я прабадзяўся па нашым раёне, каб з усімі як сьлед разьвітацца. У той дзень Шарлі апавёў мне пра сьмерць старога Руколя, скнары, які калісьці жыў у тым жа квартале. Хутчэй за ўсё Шарлі, як заўжды, прыдумляў, але гісторыя вартая таго.

Руколь памёр ува ўзросьце сямідзесяці чатырох гадоў за год-два да таго, як я прыехаў у Парыж, але і ў мае часы людзі ўсё яшчэ пра яго гаварылі. Да славы Дэньела Дэнсэра ці кагосьці такога ён не дацягнуў, але пэрсанаж быў цікавы. Штораніцы на рынку Ле-Аль ён падбіраў пашкоджаную гародніну, еў катоў, замест нацельнай бялізны насіў газэты, спаліў у каміне ашалёўку свайго пакоя і пашыў сабе зь мешкавіны нагавіцы – гэта ўсё пры тым, што ў інвэстыцыях трымаў каля паўмільёна франкаў. Шкада, што я яго не засьпеў.

Як і многія скнары, Руколь блага скончыў праз тое, што ўклаў грошы ў рызыкоўную афёру. Неяк у квартале зьявіўся габрэйчык, жвавы, прадпрымальны малады хлопец, з бліскучым плянам пастаўкі ў Англію какаіну. Набыць у Парыжы какаін даволі лёгка, і з самой перапраўкай бы не было праблем, вось толькі заўжды знаходзіцца агент ці шпіён, які выдае плян мытнікам ці паліцыі. Кажуць, што выдаюць часьцяком самі гандляры какаінам, бо завоз какаіну ў Англію знаходзіцца ў руках вялікай манаполіі, якой не патрэбныя канкурэнты. Аднак габрэйчык кляўся, што ніякай небясьпекі тут няма. Ён, маўляў, ведае, як набыць какаін непасрэдна ў Вене, а не па звычайных каналах, і ў гэтым выпадку плаціць скуралупам-пасрэднікам не давядзецца. На Руколя ён выйшаў праз аднаго маладога паляка, студэнта Сарбоны, які зьбіраўся інвэставаць у праект чатыры тысячы франкаў пры ўмове, што Руколь укладзе шэсьць тысячаў. За гэта яны набылі б дзесяць фунтаў какаіну, якія ў Англіі каштавалі б шалёных грошай.

Паляку з гэбраем каштавала неверагодных высілкаў вырваць з кіпцяў старога Руколя шэсьць тысяч. Гэта ня так шмат грошай – у яго толькі ў матрацах было зашыта болей – але ж для яго было пакутай разьвітацца нават з адзіным су. Абодва даставалі старога цэлымі тыднямі, тлумачылі, пагражалі, улагоджвалі, сварыліся, кленчылі і благалі яго даць ім грошы. Старога ўсяго калаціла то ад хцівасьці, то ад страху. У яго ажно кішкі круціла ад пэрспэктывы зарабіць якіх пяцьдзясят тысяч франкаў, і тым ня менш ён ня мог прымусіць сябе рызыкнуць грашыма. Ён сядзеў у кутку, абхапіўшы галаву рукамі, стагнаў і раз-пораз выкрыкваў ад напругі, ці падаў на калені (ён быў вельмі набожны) і пачынаў маліць бога даць яму сілу – усё марна. Урэшце, хутчэй ад зьнясіленасьці чым чаго яшчэ, ён нечакана здаўся, распароў адзін з матрацаў, дзе хаваў грошы, і выдаў гэбраю шэсьць тысяч франкаў.

Гэбрай яшчэ ў той жа дзень даставіў какаін і хутка выпарыўся. Тым часам пра афёру ўжо гаварыў увесь раён – што ня дзіва, калі ўлічыць усю беганіну, выкліканую ўпартасьцю Руколя. На наступную ж раніцу ў гатэль зьявілася зь ператрусам паліцыя.

Руколь з палякам налякаліся да ўсёру. На першым паверсе – паліцыя, што па дарозе нагару абшуквае пакой за пакоем, а ў іх тут на стале здаравенны пакунак з какаінам, які няма дзе схаваць, як і няма шансу ўцячы ўніз па лесьвіцы. Паляк быў за тое, каб выкінуць усё ў вакно, але Руколь яго нават слухаць не хацеў. Шарлі казаў мне, што сам прысутнічаў пры гэтай сцэне. Маўляў, калі яны спрабавалі адабраць у Руколя пакунак, ён прыціснуў яго да грудзей і ў свае семдзесят чатыры ўпіраўся так, што будзь здароў. Дзед зусім адурэў ад страху, але быў гатовы лепш пайсьці ў турму, чым выкінуць жывыя грошы ў вакно.

Урэшце, калі паліцыя ўжо вяла ператрус паверхам ніжэй, у кагосьці зьявілася ідэя. Адзін Руколеў сусед па паверсе меў дома мо тузін бляшанак з пудрай, якой гандляваў па зьніжаным кошце; ідэя была ў тым, каб засыпаць какаін у бляшанкі і выдаць яго за пудру. Пудру тут жа вытрусілі з акна, замест яе насыпалі какаін і паставілі бляшанкі проста на стале, маўляў, нам няма чаго хаваць. Празь некалькі хвілін у пакой да Руколя заходзяць паліцыянты. Прастукалі сьценкі, зазірнулі ў комін, вывернулі шуфляды, праверылі ўсе дошкі ў падлозе – і акурат ужо зьбіраліся сыходзіць ні з чым, як інспэктар заўважыў на стале бляшанкі.

«Tiens,» кажа, «ану зазірніце ў гэтыя бляшанкі. Я іх і не заўважыў. Што ў іх, га?»

«Касмэтычная пудра», сказаў паляк так спакойна, наколькі гэта было магчыма. Але ў той самы момант Руколь ня вытрымаў напружаньня, і ў яго вырваўся гучны стогн, што тут жа выклікала ў паліцыі падазрэньні. Яны адкрылі адну з бляшанак, зьнялі пробу, прынюхаліся – пасьля чаго інспэктар выказаў пэўнасьць, што гэта какаін. Руколь з палякам пачалі клясьціся імёнамі ўсіх сьвятых, маўляў, гэта ўсяго толькі пудра – але бяз толку; чым больш яны пратэставалі, тым больш запэўніваліся ў сваім падазрэньні лягавыя. Абодвух арыштавалі й павялі ў пастарунак, а ўсьлед за імі ішла добрая палова кварталу.

У пастарунку Руколя з палякам дапытаў камісар, а бляшанку з какаінам адправілі на экспэртызу. Шарлі казаў, што апісаць учыненую там Руколем сцэну проста немагчыма. Ён плакаў, маліўся, даваў супярэчлівыя паказаньні, пасьля чаго зь нічога ніякага ўзяў і здаў паляка з трыбухамі, прычым усё гэта так гучна, што яго было чуваць ці не на ўсю вуліцу. Паліцыянты ледзь стрымліваліся, каб зь яго не разрагатацца.

Праз гадзіну прыйшоў паліцыянт і прынёс бляшанку з какаінам назад, разам з цыдулкай ад аналітыка.

«Гэта не какаін, мэсьё», сказаў ён, сьмеючыся.
«Як не какаін?», зьдзівіўся камісар. «Mais alors – што гэта тады такое?»
«Касмэтычная пудра».

Руколя і паляка тут жа адпусьцілі: яны былі цалкам апраўданыя і вельмі разьюшаныя. Гэбрай іх надурыў. Пасьля таго, як жарсьці суняліся, выявілася, што той жа нумар ён выкінуў яшчэ з двума жыхарамі квартала.

Паляк быў бадай што задаволены тым, што выкруціўся, хоць і страціў чатыры тысячы франкаў, а вось старога Руколя страта зусім падкасіла. Ён адразу ж скіраваўся ў ложак, дзе, як чулі суседзі, рэшту дня й палову ночы сутаргава кідаўся з боку ў бок, мармытаў і раз-пораз роў дзікім крыкам:

«Шэсьць тысяч франкаў! У імя Хрыста міласэрнага! Шэсьць тысяч франкаў!»

Праз тры дні зь ім здарыўся ўдар, а яшчэ праз два тыдні ён памёр – сэрца ня вытрымала гора, сказаў Шарлі.

XXIV

У Англію я плыў трэцяй клясай, зь Дзюнкерку ў Тылбэры – самы танны і ня самы горшы спосаб перасячы праліў. За каюту трэба было даплачваць, таму я спаў у салоне, разам з большасьцю пасажыраў трэцяй клясы. Я адшукаў у сваім дзёньніку запіс з таго дня:

«Сьпім у салоне, дваццаць сем мужчын, шаснаццаць жанчын. Ніводная з жанчын ня ўмыла раніцай твар. Мужчыны пайшлі ўмывацца, жанчыны толькі дасталі касмэтычкі й прыкрылі бруд пудрай. Пытаньне: другасная полавая прыкмета?»

Дарогаю я пазнаёміўся з маладой румынскай парай – яшчэ зусім дзецьмі, што ехалі ў Англію на мядовы месяц. Яны засыпалі мяне незьлічонымі пытаньнямі пра Англію, а я нагаварыў ім нечуванай хлусьні. Я быў такі рады, што вяртаюся дадому пасьля доўгіх месяцаў безграшоўя ў замежным горадзе, што Англія здавалася мне нейкім раем. Насамрэч, у Англіі шмат такога, што цягне вас дамоў; купальні, фатэлі, мятны соус, давараная маладая бульба, чорны хлеб, мармэляд, піва з сапраўднага хмелю – усё гэта проста любата, калі ёсьць чым за гэта плаціць. Англія – выдатная краіна для нябедных; і натуральна, што я, рыхтуючыся даглядаць рахманага вар'ята, не зьбіраўся быць бедным. Думка пра тое, што я не бядняк, абудзіла ўва мне патрыёта. Чым больш пытаньняў задавалі румыны, тым больш я выхваляў Англію: клімат, краявіды, мастацтва, літаратуру, законы – усё ў Англіі было дасканалым.

А ці прыгожая ў Англіі архітэктура, спыталіся румыны. «Чароўная!», адказаў я. «Адны лонданскія статуі чаго вартыя! Парыж – вульгарны: то пампэзнасьць, то ламарні. А вось Лондан...»

Карабель акурат праплываў удоўж пірсу ў Тылбэры. Першы павернуты фасадам да вады будынак, які мы ўбачылі, быў агромністы гатэль, упрыгожаны лепкай і вежачкамі з вострымі шпілямі – адзін з тых, што казеляцца праз Ля-Манш, як ідыёты праз агароджу вар'ятні. Я заўважыў, што румыны, хоць зь ветлівасьці і прамаўчалі, кідалі на гатэль насьцярожаныя погляды. «Пабудаваны францускім архітэктарам», запэўніў я іх; і нават пазьней, калі цягнік ужо ўпаўзаў у Лондан праз усходнія ламарні, я ўсё яшчэ дудзеў ім пра хараство ангельскай архітэктуры. Ніякага камплімэнту мне было не шкада для Англіі цяпер, калі я вяртаўся дамоў і больш ня быў жабраком.

Я пайшоў у офіс да Б., і ягоныя першыя словы тут жа ўсё зьніштожылі. «Прабач», сказаў ён, «твае наймальнікі зьехалі за мяжу, разам з пацыентам. Але ж празь месяц вернуцца. Спадзяюся, пратрымаесься да таго часу?»

Я апынуўся на вуліцы раней, чым у мяне ўзьнікла думка пазычыць у яго яшчэ грошай. Трэба было чакаць месяц, а ў мяне на руках было роўна дваццаць пяць пэнсаў. Ягоная навіна зусім выбіла мяне з каляіны. Доўгі час я ня мог сабрацца з думкамі й вырашыць, што рабіць. Цэлы дзень я прабадзяўся па вуліцах, ня маючы найменшага паняцьця, дзе ў Лондане знайсьці недарагое начулішча, і ўрэшце пайшоў у «сямейны» гатэль, дзе бралі трынаццаць пэнсаў за ноч. Аплаціўшы рахунак, я застаўся з дванаццацьцю пэнсамі ў руцэ.

Пад раніцу мой план быў гатовы. Раней ці пазьней мне варта будзе схадзіць да Б. і пазычыць яшчэ, але да часу гэта было б непрыстойным, таму, пакуль тое, мне давядзецца падтрымліваць сябе пры жыцьці нейкім цудам. Мінулы досьвед раіў мне не здаваць у лямбард свой найлепшы гарнітур. Я пастанавіў пакінуць усе свае рэчы ў камэры захоўваньня на вакзале, за выключэньнем другога гарнітура, крыху горшага за найлепшы, – яго я зьбіраўся абмяняць на таньнейшую вопратку й які фунт стэрлінгаў у прыдачу. Раз ужо я думаў жыць цягам месяца на трыццаць шылінгаў, мне былі папросту неабходныя лахманы – і чым горшыя, тым лепей. Я ня меў паняцьця, ці магчыма ў прынцыпе не патраціць за месяц трыццаць шылінгаў, бо ня ведаў Лондану так добра, як ведаў Парыж. Бадай, я мог бы жабраваць, або гандляваць матузкамі – мне згадаліся артыкулы зь нядзельных газэт, дзе я чытаў пра жабракоў зь дзьвюма тысячамі фунтаў, зашытымі ў нагавіцах. Адным словам, усім вядома, што памерці з голаду ў Лондане папросту нерэальна, так што не было ўласна пра што турбавацца.

З мэтай прадаць сваю вопратку я рушыў у Лэмбэт, дзе жывуць беднякі і дзе шмат камісіёнак. У першай паспрабаванай мною краме гаспадар быў ветлы, але бескарысны; у другой – грубы; у трэцяй – глухі як калода, ці такім прыкідваўся. Чацьвёрты камісіёншчык быў высокі русявы маладзён, увесь ружовы, як скрылёк шынкі. Ён зірнуў на тое, што я меў на сабе і грэбліва памацаў тканіну між пястуком і ківуном.

«Абы-што», сказаў ён, «зусім абы-што». (Гарнітур быў даволі якасны.) «Ну і колькі ты за яго хош?»

Я патлумачыў, што хачу абмяняць яго на якую-небудзь ня новую вопратку, плюс столькі грошай, колькі ён зможа даць. Маладзён крыху падумаў, потым назьбіраў па краме нейкага бруднага з выгляду рызьзя і шпурнуў яго на прылавак. «А грошы?», спытаўся я, спадзеючыся на фунт. Гандляр сьціснуў вусны, дастаў з кішэні шылінг і паклаў побач з рызьзём. Я не спрачаўся – то бок я хацеў паспрачацца, але толькі я адкрыў рот, як маладзён працягнуў да шылінга руку, нібы зьбіраўся яго забраць назад; я зразумеў, што мне няма рады. Маладзён дазволіў мне пераапрануцца ў маленькай каморцы ззаду.

Рызьзё складалася з паліто, калісьці цёмна-карычневага, пары чорных нагавіцаў з каламянкавай тканіны, шалю і кепкі; я пакінуў сабе кашулю, шкарпэткі і боты, і пераклаў у кішэню паліто грабеньчык і лязо для галеньня. Дзіўнае адчуваньне ўзьнікае ў таго, хто такое носіць. Я ўжо насіў усякае, але да гэтага рызьзя яму было далёка; вопратка была ня проста брудная і бясформавая, на ёй была – як тут лепш выказацца? – паціна нейкай непрыстойнасьці й закарэласьці, у адрозьненьне ад звычайнай нягегласьці. Такую вопратку носяць толькі гандляры матузкамі або валацугі. Праз гадзіну мне ў Лэмбэце сустрэўся нейкі гіцаль, відавочна бяздомны, які рушыў мне насустрач – калі я зноў на яго зірнуў, то ўбачыў, што гэта я сам, адлюстраваны ў вітрыне. Бруд ужо пасьпеў абляпіць мой твар. Бруд мае вялікую пашану да асобы; калі чалавек добра апрануты – ён яго не чапае, але як толькі вы пазбываецеся каўнерыка, як бруд ляціць на вас з усіх бакоў.

Я прабадзяўся па вуліцах да позьняй ночы, не спыняючыся ні на сэкунду. Я баяўся, што ў такой вопратцы паліцыя можа арыштаваць мяне за бадзяжніцтва, і не наважваўся ні з кім загаварыць, надумаўшы сабе, быццам людзі могуць заўважыць неадпаведнасьць між маім вымаўленьнем і маім адзеньнем. (Пазьней я пераканаўся, што нікога гэта не бянтэжыла.) Мая новая вопратка імгненна перанесла мяне ў новы сьвет. Здавалася, што стаўленьне людзей да мяне рэзка зьмянілася. Калі я дапамог вулічнаму гандляру пазьбіраць рэчы з вазку, які той перакуліў, ён усьміхнуўся мне і сказаў: «Дзякуй, чувак». Мяне ніхто ў жыцьці дагэтуль не называў «чуваком» – гэтым цудам я быў абавязаны шмацьцю. Таксама я ўпершыню ў жыцьці заўважыў, як мяняецца ў залежнасьці ад вопраткі стаўленьне жанчын да мужчыны. Калі іх прамінае блага апрануты мужчына, іх перасмыкае ад неўдаванай агіды і яны адхістваюцца ад яго прэч, як ад дохлага ката. Вопратка – магутная штука. Апрануўшыся як бадзяга вельмі цяжка, прынамсі першы дзень, не адчуваць сябе паніжаным у статусе. Падобны ірацыянальны, але вельмі рэальны сорам ільга адчуць цягам першай ночы ў турме.

У раёне адзінаццатай вечара я пачаў шукаць, дзе пераночыць. Я чытаў пра «начлежкі» (насамрэч, ніхто іх начлежкамі не называе), і ўяўляў, што ложак будзе каштаваць недзе чатыры пэнсы. Убачыўшы нейкага чорнарабочага, які стаяў на ўзбочыне Ўотэрлу-Роўд, я падышоў да яго спытацца. Маўляў, я голы як бізун і шукаю самую танную пераночку.

«А», сказаў ён, «табе унь у той дом, праз вуліцу, з шыльдай “Спальныя месцы для самотных мужчын”. Гэта добрая ўпіска, павер. Сам бывае ўпісваюся. Там табе і танна, і чыста».

Дом быў высокай развалюхай зь цьмянымі агеньчыкамі ўва ўсіх вокнах, некаторыя шыбы былі пасклейваныя карычневай паперай. Я ўвайшоў у каменны пад’езд, і з-за дзьвярэй, што вялі ў сутарэньне, зьявіўся бледны ад жыцьця ў цемры хлопчык з заспанымі вачыма. З сутарэньня чулася мармытаньне, хваляй цёплага паветра адтуль данесла пах сыру. Хлопчык пазяхнуў і працягнуў далонь.

«На ўпіску? Зь цябе шэлег, начальнік».

Я заплаціў шылінг, і хлопчык завёў мяне па хісткай неасьветленай лесьвіцы ў спальню. Там стаяў саладжавы смурод опіюмнай настойкі і бруднай пасьцельнай бялізны; вокны былі наглуха зачыненыя, і ў паветры было не прадыхнуць. У памяшканьні гарэла сьвечка, і я разгледзеў, што спальня была пятнаццаць на пятнаццаць футаў, восем футаў у вышыню, і ў ёй стаяла восем ложкаў. Шасьцёра начлежнікаў ужо спалі, падобныя да дзіўных вялізных камякоў, нагрувасьціўшы на сябе ўсю сваю вопратку ўлучна з ботамі. З кута данёсься чыйсьці гнюсны кашаль.

Калі я залез у ложак, то спраўдзіў, што той быў цьвёрды як дошка, а замест падушкі ў ім ляжаў нейкі валік, таксама нібы драўляны. Спаць у ім было горш чым на стале, таму што ложак ня меў у даўжыню ані шасьці футаў, быў вузкі, а матрац быў выпуклы, так што даводзілася трымацца рукамі, каб зь яго не зваліцца. Прасьціны так жудасна сьмярдзелі потам, што іхнай блізкасьці да свайго носа я ня мог стрываць. Уся пасьцель складалася з просьцін і капы, якая была хоць і грубая, але ня грэла. Некалькі кшталтаў шуму паўтараліся цэлую ноч. Раз на гадзіну мужчына зьлева ад мяне – думаю, марак, – уставаў, злосна лаяўся і запальваў цыгарэту. Іншы мужчына, з хворым мачавым пухіром, уставаў і гучна карыстаўся начным гаршчком разоў шэсьць за ноч. Кожных дваццаць хвілін на таго, што ў куце, находзіў прыступ кашлю, прычым з рэгулярнасьцю сабачага брэху на Месяц, таму да яго памалу прызвычайваесься. Кашаль гучаў невыказна паскудна; гэта быў агідны клёкат з адхаркваньнем, як быццам мужчыну выварочвалі вантробы. Калі ён запаліў сярнічку, я ўгледзеў, што гэта стары дзед з шэрым, запалым тварам, як у мерцьвяка, і што замест начнога каптурка ў яго на галаве абматаныя нагавіцы, што зь нейкай прычыны вельмі мяне згідзіла. Штораз, як дзед кашляў ці як марак лаяўся, аднекуль зь іншага ложку даносіўся крык:

«Завалі рот! Хрыстом богам малю, завалі!»

Паспаў я агулам якую гадзіну. Раніцай мяне пабудзіла цьмянае адчуваньне, што да мяне набліжаецца штосьці вялікае і карычневае. Я расплюшчыў вочы і ўбачыў, што гэта была нага марака, якая тырчала зь ягонага ложку проста ў мяне перад носам. Нага была карычневая, як у індуса, толькі ад бруду. Сьцены спальні лупіліся як скура ад струплі, а просьціны, тры тыдні ня праныя, паводле колеру набліжаліся да прыроднай умбры. Я ўстаў, апрануўся і сышоў уніз. У сутарэньні стаяў шэраг тазікаў, на драўляных шпяньках варочаліся два ліпкія ручнікі. У мяне ў кішэні быў кавалак мыла, і я ўжо зьбіраўся ўмыцца, але заўважыў, што ў кожны тазік глыбока ўелася кароста – сьлізкі бруд, чорны як вакса. Выйшаў я адтуль нямыты. Агулам кажучы, апартамэнты не адпавядалі азначэньню «і танна, і чыста». Як я пазьней спраўдзіў, гэтая начлежка нічым не адрозьнівалася ад астатніх.

Я перайшоў на другі бок ракі і доўга ішоў пехатой на ўсход, пакуль урэшце не спыніўся ў нейкай кавярні на плошчы Таўэр-Гіл. Звычайная лонданская кавярня, адна з тысячы падобных, здавалася мне пасьля Парыжу нязвыклай і чужой. Гэта было задушлівае памяшканьне з крэсламі, моднымі ў саракавых гадах мінулага стагодзьдзя – з высокімі сьпінкамі. Мэню было напісанае на люстэрку кавалкам мыла, талеркі разносіла чатырнаццацігадовае дзяўчо. Падзёншчыкі елі з абрыўкаў газэт і пілі гарбату з аб’ёмных конавак бяз сподачкаў, падобных да парцалянавых фужэраў. У куце самотны жыдок, схаваўшы пыцак у талерцы, вінавата душыўся салам.

«Можна мне гарбаты і хлеба з маслам?», папрасіў я дзяўчыну.

Яна вылупіла на мяне вочы. «З маргарынам, масла няма», удакладніла яна зьдзіўлена. І паўтарыла маю замову ў словах, якія для Лондану ёсьць тым самым, чым ёсьць для Парыжу вечнае «шклянку чырвонага»: «Вялікую гарбату й дзьве лусты!»

На сьцяне за маім крэслам вісела цыдулка з надпісам «Зносіць цукар з сабой забаронена», а пад ёю нейкі паэт з шэрагу наведнікаў прыпісаў:

«Цукар ходзіш красьці ў нас?
Ты – сьмярдзючы ...!»,

але ж нехта іншы не паленаваўся выдрапаць апошняе слова. Вось яна, Англія. Гарбата-з-лустамі каштавала мне тры пэнсы паўпэні, пасьля чаго ў мяне засталося ўсяго дзесяць пэнсаў.

 

Пераклад зроблены з выданьня George Orwell. Down and Out in Paris and London. Penguin Books, 2013.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам. Пры зашклёнай вітрыне стаяла некалькі разявакаў, яны прыціскалі да яе далоні, і тыя былі белыя й ненатуральна вялікія. Па-над імі зіхцелі цікаўныя вочы.

Пераклад:
Макс Шчур

Кілпатрыка забілі ў тэатры; забойцу брытанская паліцыя так і не знайшла; паводле гісторыкаў, яе рэпутацыя ад гэтай няўдачы не пацярпела, бо хутчэй за ўсё сама паліцыя забойства й арганізавала. Раяна турбуюць іншыя моманты загадкі. Яны гэткія цыклічныя: здаецца, у ёй паўтараюцца й спалучаюцца падзеі з самых далёкіх краін і эпох.

Пераклад:
Макс Шчур

У залю, з залі ходзяць сьвецкія ільвіцы —
пра Мікэлянджэлё ім не нагаварыцца.

Пераклад:
Макс Шчур

Шлях угару – гэта шлях і ўніз, шлях наперад – шлях і назад.
З гэтым немагчыма зьмірыцца, але гэта так,
час ніякі ня лекар: бо пацыента ўжо няма.