Прысьвячаецца Юрасю Бушлякову (1973-2013)

паэзія, вершы, беларуская мова

*

                         Юрасю Бушлякову

Зямля яднае нас з Купалам і Міцкевічам,
Месяц — з Шэксьпірам.
Як маска, шчэрыцца ён, срэбрам душу цьвелячы
пры ўсіх нам.

Зямля яднае нас з Шагалам і Драздовічам,
Сонца — з Ван Гогам.
Яно нястомным ёсьць усіх зямных відовішчаў
Сварогам.

Зямля яднае нас з Агінскім і Барткевічам,
сузор’і — з джазам.
На ейнай глебе мы стаім, з сусьветам велічным
сам-насам.

2004

Перакладчыку Гербэрта

                         Ю. Б.

Паўзе жыцьцё, бягуць спаборніцтвы,
дванаццаці падгруп парад
у наступ клінам ператворыцца,
і зноў старонка перагорнецца
наперад, анібы назад.

Ізноў, застаўшыся ў плюс-мінусе,
мы будзем гінуць за мэтал
і верыць, што канёк нас вынясе,
нібы пры князі Гедымінасе,
у бітвы казачны фінал,

дзе, бы ў гадронавым калайдэры,
цягнік урэжацца ў цягнік,
усіх адужаюць аўтсайдэры,
зайздросьнікі памруць ад зайздрасьці,
і прыз дадуць - не ацаніць!

Да мэты рушым паступова мы,
ды ўжо цяпер займае дых,
калі знаёмімся мы з новымі
высокіх курсаў прапановамі
замест ранейшых курсавых.

Усё залежнае ад жэрабя,
пашчасьціць - будзе за...бца...
Трыюмфу прага людажэрная
разьменіць талент на кішэнныя
й падкажа нумар жарабца.

Няма свабодных, ёсьць свабодаўцы.
У справах з ног да галавы
паўзе жыцьцё, бягуць спаборніцтвы...
Дамоў мы езьдзім пераконвацца,
што мы ў жывых. І дом жывы.

Жыцьцё - гульня і пры ўзурпатары...
Як той казаў - carpe diem...
І мы, адчайныя заўзятары,
зноў на быцьця таталізатары
з сабой самімі прайграем.

2010

Памяці Юрася Бушлякова

1.

Цела яшчэ ня ведае аб сьмерці,
душа - ужо ня помніць аб жыцьці...
Лісту, што запячатаны ў капэрце,
цяпер ужо нікуды не дайсьці.

Каму адрасаваўся ён? Да Бога?
Суродзічаў, сяброў? Ці да каго?
Не, гэты ліст быў да цябе самога.
Нам - не чытаць, а дапісаць яго.

2.

Разьбіце гадзіньнікі. Ён пераехаў
за некалькі вуліц, у новы раён -
там меней прыдуркаў і болей пацехаў,
там "Секель ТБ", і БАТЭ - чэмпіён.

У край наш забыты ты больш не прыедзеш -
задоўгім расстаньнем сябе не маркоць,
бо вырай - ён мусіць знаходзіцца недзе ж,
калі не вяртаюцца стуль самахоць.

Тутэйшы твой дом зноў часова пустуе -
пакуль не зьмянілі імя на званку,
ды з нумару голас твой не пачастуе
нікога разьвітвальным "цісну руку",

і не паўшчуваеш: "Вось гэта дарма тут",
з увагай хірурга даслухаўшы верш,
і больш не дасі на яго імпрыматур:
маўляў, "недарэмна на сьвеце жывеш".

І піць не цікава, і спорт не цікавы -
ды хтосьці павінен падбаць пра вянкі
зямныя, займеньнік нябеснае славы:
ты ж больш не адкажаш на "Вынік які?"

3.

Ты быў адзін на ўсіх - цяпер нас процьмы,
хто помніць, і ўва ўсіх ты іншы, свой,
якім мы даражым... З паловы хоць бы
так даражылі мы жывым табой!

Прачнуся - узмакрэлы; нецьвярозы,
насьніў аб неўміручасьці глупот...
Ды ўжо ў кутках вачэй стаяць ня сьлёзы,
а самы просты, не халодны, пот.

4.

Здаецца, мы толькі тады пасталелі,
калі адзін з нас зноў зрабіўся дзіцём,
калі абарваліся ўсе паралелі
між толькі тваім і між нашым жыцьцём,

калі намаганьнямі любай матулі
ізноўку вучыўся ты есьці, хадзіць...
А потым дзіця, як заўжды, падманулі -
загушкалі так, што ўжо не пабудзіць.

Дажыць не далі сапраўднага лета,
хоць дух вырак лекараў «празь не магу»
аспрэчваў з зацятасьцю цяжкаатлета -
ды цела вось толькі губляла вагу...

Няўжо "прыгажэй" можна неяк памерці?
У Менску ці ў Вільні, у ліпені ці
кастрычніку - нуль рамантычнага ў сьмерці
ў шпіталі, на сцэне ці шыбеніцы.

Мы можам ёй дзякаваць толькі за тое,
што вартасьць жыцьця ёсьць па кім вымяраць,
што ўрэшце любові сваёй мы ня тоім,
што будзе цяпер нам лягчэй паміраць.

5.

Табе званіў я збольшага ў дарозе -
ці з гораду, ці ў горад, праз раку.
Твой голас чуць у праскім асяродзьдзі
прывык, таму ізноў цягну руку

па тэлефон ці не штодня ў кішэню,
каб адшукаць у нумарах "Juras" -
ды ўсякаму крэдытапагашэньню,
падобна, назаўсёды выйшаў час.

6.

Што - мы! Сама мова тут асірацела,
цяпер давядзецца яе ўдачараць...
Хоць мне ўжо, па шчырасьці, астачарцела
крывавыя плямы за ёй выціраць.

І хочацца ў полымя выкінуць слоўнік,
падраць на шматкі, толькі штось не дае:
ён стаў кнігай мёртвых, адной з найгалоўных -
жывыя, гукайма цябе празь яе.

2013

*
Разьдзелі так, што больш няма куды
падзецца: ты паўсюдна на курорце.
Сьпякота - горшы за пад'ём вады
Армагедон - імкнецца скуру зьдзерці.

Як і штогод, у памяці - Ўэльбэк,
лацінасаў таўшчэзныя раманы,
з той розьніцай, што сёлета так рана
цябе пакінуў блізкі чалавек.

2013

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

спадар выкладчык радасна падышоў да іх
па старой памяці паздароўкацца
ў таемным спадзяваньні што яны запросяць яго зь імі выпіць
але пачуў ад іх толькі ёмістае
Пайшоў нахуй, КОЗЬЛІК

Пераклад:
Яўген Бяласін, Макс Шчур

Любых рэлігій гіджуся дазваньня,
але выконваць радасна сьпяшу
усе абрады тых веравызнаньняў,
дзе выпіўка залічана ў імшу.

Пераклад:
Макс Шчур

Найлепшы будда — дрывасек, манахі — рыбакі.
Дзэн у фатэлях дарагіх — толк у такім які?
Дваццаты год жыву з вады, што заядаю ветрам —
сандалі саламяныя, па сьвеце напрасткі.