Дзёньнік малога лорда

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

Начны шпацыр

Я шчасны
Калі зорны фантан абдымае сьвятлом маю душу
Калі людзкія постаці ночы глынае морак
Калі мяч месяцовы губляецца й змрок яго душыць
Калі ён настаўляе шчаку пацалункам зорак

Я задаволены
Калі ветрык начны кудлаціць мае кудзеры
Калі вуліца водарам кветак запруджана
Калі я гарэзна званю ў невядомыя дзьверы
Калі мне карціць пераскочыць праз лужыну

Я стомлены
Калі ноч адганяе досьвітак фіялетавы
Калі я вяртаюся ўрэшце дадому
Калі бяжыць ратаваць п’янтоса жандар з эпалетамі
Калі я пра даўні свой боль забываю на момант

Апостраф

Жыцьцё
Ты – смутак выціснуты з смочкаў чалавечых
Стракаты шаль, што сорам затуліў грудзей
Старэчых

Гаркавай кавы кубак, дапаўна наліты
Трывога маці
Чыё дзіця задушваюць ваніты

Ты – бруд дамоў публічных
Жарсьць і туга ў асуджаных
На сьмерць абліччах

Ты – сам
Нячысьцік, зранены гадзіньнікавай стрэлкай
Што нам паказвае: шчэ не канец усім часам

Вечар на вёсцы

Паркан
Тузін штакет
Калючы дрот
Замест вянка
На месяц, плён чарнот
Спакой
Такі
Што птушачкі
Малой
Сусьвет лякнуўся б блізкі –
І дрот
І месяц
Як дзіця – папліскі

Дзятва
Замоўкла, без гульні
Сышла раптоўна
Толькі крокі
Ля брамы прагулі

Бы з труб сыгнальных стогны
Чуваць у ночы нетрах

Пара ўжо спаць
Маўчаньне  
На такты кроіць ветрык 

Чыесьці крокі
Ля брамы адгулі

Бы з труб сыгнальных стогны
Чуваць у ночы нетрах

Прымгнулі ўсе
Маўчаньне кроіць ветрык

Жаданьне

Пра далеч мару
Зеленьню жыву
Нябёсаў сіньню
Тырчаць лісты бяз марак –
Лясы – з капэртаў хмарак

Хацеў бы я сарваць
Сьцябло шыпшыны
Напяў бы цеціву
Стралою б стрэліў сэрца
Ў вышыні

Я б так хацеў знайсьці
Супольны тон
З бурлівым ручаём
І з галавою ў тонь
У хвалі заглыбіцца

А там
Ад сонца быццам
П’яны, ад паху хвояў
Заснуў бы
Паглынуты
Сна глыбінёю

Куплеты тулягі

Мне пернік
Белы й гняды, спарахнелы
Гарбатай запіты –
Замест вячэры

Апавядайце мне міты
Гладзьце мае кудзеры
Вярніце назад малечыя
Сэкунды гадзіны гады
Вучыце азам хады

Дайце мне
Ляльку сьвісток паравозік
Цацак купіце розных

Гладзьце мае кудзеры
Апавядайце мне міты

Мне пернік
Белы й гняды, спарахнелы
Гарбатай запіты –
Замест вячэры

Рунь

Я адзін
у цемры й начной глухаце
шэраг шнараў гняце
сэрца
якое баіцца спытаць
чым ёсьць каханьне, чым
ёсьць кахаць

Вясна, і кроў запалала

Той маскі шчыт
якім хацеў схаваць я жарсьць
па швох трашчыць

Трызьненьне

Яшчэ тая
Пакута – трызьніць
Рука па руцэ чытае
Пра сьмерці блізкасьць

Гляджу праз шыбу маю
Як спарваюцца хаты й двары
Пад ногі плюю
Сьвечкі на алтары

Я цела сваё збаёдаў
Сэрца дрыжыць як ліст ліпкі
Але я не хачу спачуваньня
Я люблю калі бруіць кроў
І гной выцякае ліпкі

Ліхаманка

Акно пачысьцее
Лету “бывай” дасьць
Ветрык лісьце разьвее
Дзецям на радасьць

Толькі я церушу чырвоныя вочы па тратуары
Вуліцы, чыстай і мяккай, як улоньне нявіннай
Па небе прабягаюць гусары
Што забыліся аб слодычы віннай

Шчака месяцу
Прапхнутая громаадводам
Сярод імглы
Енчыць
Ай

Маркотны май

Ці ж гэта май
Каханьня час?
Ці ж гэта край
Дзе дзень ня згас?
Птушыных зграй
Ансамбль пяе

Халодны душ імжы
Вуліцы сумныя палье
Тугі жахлівыя нажы
Душу і сэрца прабіваюць

Людзей сьляпыя прывіды
Ў вусьцішы цьмяна прадчуваюць
Што сьвет больш ня сьвет
Што квет больш ня квет
Як калісь

Лепш жыць ува ўспаміне
Каб ня бачыць, як стыне
Сонца
Што зьзяла шчэ летась
Як пах кветак лета
Гіне 

Апоўдні

Небам прасьцёрты
абрус сьветла-сіні
Сонца абедаць
гадзіньнік гасьцінны
кліча, і выраз зацёрты
«Смачна есьці».

І тут жа разам
званы разышліся
І нарастае
лыжак бразгат
што раптам сьціхне
нібы агеньчык
сьвечкі расталай

А потым настане сьеста:
сьвет удосыць наеўся

Вечар на кірмашы

Кірмаш
Раве
Тхніць
Гнюс нялюдзкі
Гразь
Гідкіх баб
Блюзкі
Шаленцы
Блазны
Будкі
Ў бруднай
Лазьні
Кірмаш
Брыдкі

Жнівеньскія ночы

Жнівеньскія ночы душныя
пацалункі цемрай задушаны
жарсьць
крычыць, бы дзіця
што выпала з гушкалкі
й вочы на золку сплюшчвае

Цёмныя вуліцы
ліпы абапал
Каханкаў далоні
прагныя, ціхія
прызнаньні, туляцца
ўлоньні.

Сузор'і асыпаюцца
каханкам на шыі

ў гэтыя боскія
ночы сьвятыя
жнівеньскіх Пасіяў

Ідылія над ракой

Сінь неба засьціць вочы
спакой, цяплынь – пад сорак
Сонейка ногі змочыць
калі ня ўтопіцца
ў рацэ: дзе ўратавальны корак?
Ні чоўна, ні стырна
Але бог хвалю
прымусіць, каб яна,
плод несла залаты
пяшчотна, акуратна,
як плынь нясе плыты
Сонца сьмяецца
ў твар людзям, у мачты яхтаў
у вуліц брук і ў вокны будоваў
А мне ўсьміхаецца
першачаргова

Канец навальніцы

Рэха гукнула
струмяням навальніцы:
дайце вы сонцу выйсьці,
патоп спыніце

Тут жа
прамень каляровы
стос хмараў здужаў
Расступілася неба
й духмяная вясёлка
кранула глебу

бы сьцятых кветак галовы

Вясновая ноч

Фарбуе ўкол
праз працу пчол
бель кветак дол –
дзе мэта стрэлаў водару?

Неўраўнаважанасьць няпоўні
ці танец кажанова-матылёвы
ці аксамітныя лады
віёлы
вятрыска прывялі сюды?

З зорным золкам абудзіліся
мудрасьці, якія добра выспаліся,
але нішто іх ня выдасьць

*

Спалі мой допіс дачарна,
каб дотык зблытаў скуру й прысак –
ляці, маркотная пчала,
з акна пылковы попел высып.

Спалі мой ліст табе датла
на языках цынічных сьвечак.
Ты мне нявернаю была?
Ці папракнуў цябе я нечым?

Спалі мой ліст – ды не зусім,
каб ён чытаўся, хоць ня цэлы,
каб быў пякучым дотык зь ім
і ў чэрні зеўрылі прабелы.

Мяне адужала віно,
чый смак у шкле зрабіўся горкі.  
Ня веру ў здраду, бо відно
з акна зьяўленьне раньняй зоркі.

Нагрэй прут на грэйпфрут

Вялікая курыца нясе з кудкудакам лісьце, усе
фотааматары ходзяць з «Кодакам». За рогам у выкананьні віялянчэліста
чуваць Ліста У ліста-

падзе я заўжды пішу вершы:

Кава лера ўсьмехля гуткі 
з шэрагаў галоў раўнюткіх 
Час Талеп Шыза Ўсьмеш Кудаб Рака
над местамі кракае груганьня рака
Жанчы Начас Тарас Туля Еногі
а хлапчына трымае рагатку ў далоні

Пунктуацыя

.

Радзімка на шыях жанок, дзірка ў сіце на кухні
графолягаў цікавіць толькі водціск – ці пульхны?
Стаката ў мэлёдыі, фантан у парку, панадны
смочак, званок ля дзьвярэй (націскайце!), па-над «і»
капялюшык, нібыта мой тытул, какетлівы
(Сэдрык Эрал лорд Фонлёрўа) – бодка, кропка, адсеклі бы

,

У любоўных лістах яны апошнімі высыхаюць,
быццам сьлёзы герояў, якіх каханыя не кахаюць
Коска, хобат слана ўваччу захопленага дзіцёнка
ці прысмактаная да йржавай завесы масьлёнка
ў цішы сфэраў засечка лязом азбукі Морзэ
што нясьмела сьцякае перад «і» зь пёраў борздых
шнар дуэлянтаў шчылінка ўсіх аўтаматаў
сьлед дзюбы, што ў гразі шукае зярнятаў
кропля поту, раса на шахматных дошках, стамлёных ад матаў

„“

Бы ахова ўдоўж магістралі,
па якой мова ймкне наўпрост,
ёй двукосьсі салютавалі:
і з каленяў, і ў поўны рост.

Ёсьць сказы, дзе працяжнік – абавязковы знак
У лесе павалілі ваўкі дзяўчо наўзнак
яно «ратуйце» кліча, тут – юны паляўнічы –
Паставіць тут шматкроп'е было б ня менш лягічна

!

Кіёк і куля, стол для карамболя,
няякасным паліты алькаголем,
каманда, пугі сьвіст, загад наўпрост,
мяч, што трымае ў раўнавазе шост,
чорны кулак, што трапны дроцік кіне,
выкрык «ратуйце!» ў гарадзкой цясьніне,
роспачны ўздых і выкрык: «Балазе!»,
цень сьвечкі, што ўначы праз дом паўзе.   

?

Цікаўнасьць простая або падступны гад,
даўжэзны хвост, што з кропкі вырас неўздагад,
ці крук, што падлавіў студэнта на іспыце,
па нейчым вуху сум самотнай завушніцы,
сюрпрыз, загадка, нам зь якой не разьмінуцца
а заўтра што што зь сьветам з намі людцы

*
Багамолка пяе ў Сьвятым Віце харалы
з тваёй шыі ў Вэлтаву ўпалі каралі
вежы тояцца ў сіні бы грудзі ў гарсэце
стагрудастай Марцэле ляўры віце-пляцеце
слава вабам, валасы хай лунаюць сьцягамі,
хай ратуецца нацыя між тваімі нагамі
Ты вяртаесься пераможцаю з амурных прыгод,
я мэдаль прышпілю табе кудысь пад жывот
сядзь на трон ля Музэю замест Вацлава коннага
й зірні пад яблыні, пані, з шкельца аконнага
мінакі там дзеці мянялы нянькі цырульнікі
габаісты дэнтысты бляхары беспрытульнікі
майстры гадзіньнікаў сьвятары моляць Пана
і каралева ў аэрапляне нешта шэпча каханаму

*
Цягнік назад вяртаецца
Плыты па рэчцы цягнуцца
Ноч з чацьвярга на пятніцу
Старых размоў няўцяміца

На сумнай велькай станцыі
стаяць чацьвёра здраджаных
не прапусьціць нас маняцца
ды мы ім – недасяжныя

Цягнік хутчэй пакінем мы
задоўга да канцовае
аддзячым хмарам сінім мы
што цемра нас ахоўвае

Цягнік назад вяртаецца
ўвабмін сыгналізацыі
і помнікаў, што ў памятцы
Квартэт пяе натацыі

Цягнік назад вяртаецца
Руку з стоп-крана зьнімеш
У полі мак крывавіцца
Вясна – наш новы імідж 

*
Пад сьнегам укленчылі кветкі на старце забегу-туру
сонейка зазірае ветрыку ў партытуру
мы рушым шукаць каханьня, нібы патруль у віхуру

Трусікі разьбягаюцца, ля норкі кінуўшы кульку –
гульцы ў пэтанг! Удалечы дакурвае комін люльку
Мярзьлявыя першаклясьнікі шукаюць сабе прытулку

З цукрам сьнег параўноўваць хіба яшэ не абрыдла?
Бель палёў цеплынёю арэ сумленны Ярыла
Усьмешку тваю, Аленка, так шэрань і не пакрыла

Званы ў нябёсы ўзьлятаюць зь нетынкаваных вежаў
вяскоўцы сёрбаюць лыжкамі сваю нішчымную ежу
галодна нам у Цябе сьвярбе між сьцёгнамі ветрык сьвежы

Між сьнежнымі языкамі лявіруюць нашы санкі
Кахаю цябе, гераіня стужкі-амэрыканкі
хай млеюць лілеі й таюць твае сьнегавікі-каханкі

*
Ноч вулічных ліхтарнікаў і юных прасталытак
Гальлё б'е аб франтон – дзяцей караюць рамяні так
Бялюткі месяц пералез цераз адну з калітак

Пах валасоў тваіх – пажар плянтацый тытуню
хай не спрабуе хто прабіць тваёй душы браню
мне мляўка так, бы ў ліфце я на самы верх ганю

Ты ляжаш голаю на дах, падставіш зьнічкам грудзі   
па тваіх локцях шыхт гуляць памесяўнікаў будзе
ў капліцы ж – талент спрабаваць хтось на маім эцюдзе

Я пакідаю ў спадчыну зьнявечанае сэрца
жанчыне, што каля мяне памерлага прачнецца
жанчыне, па чыёй шчацэ сьляза жальбы пральецца

Нячуласьць

Праз мутную рэчку
нячуласьці гаць

з сэрца зьбіралася
збудаваць

З рук – роўны, гладкі
згадак масток

Ды замест кладкі
выйшаў млынок

Нашто, вада, сьпяхотна
ты плыньню гаць зьмяла?
Грукоча млын маркотна
ў ноч, поўную сьвятла

Мелюць наркотыкі
хворае сэрца

проста ў канаву
нячуласьць ільецца

Страціў я валёнкі

Я чалавек бяз памяці,
усё што маю – трачу
Я, мабыць, не заўважыў бы
й сваёй душы нястачу

Ня дома, а ў бюро знаходак
я днюю і начую
вось пару новую валёнак
пасеяў – і якую!

Учора крочыў
надвячоркам:
маю нагу бяз бота
спытаўся брук:
«Скажы, сябрук,
хто ты?»

Сумна
войкалі кляксоны
фэі з шыльдаў танчылі:
па чарзе свае імёны
называлі пальчыкі.

Згубіў валёнкі кагадзе я –
дасьць бог, знайду, як разьвіднее

А пакуль што мае
пальцы п'юць
зь велькай лужыны
ў мазалёў-вачанят
без пэнснэ зрок спаскуджаны

Камэнданцкая гадзіна

Б'е – для вас і ўсіх у месьце
б'е – пара ў карчме падмесьці
б'е – прыходзьце заўтра зноў
настае пад бой званоў
камэнданцкая гадзіна

Не марудзь! Ідуць разьлікі,
дык плаці – ці ўпотай зьнікні
Звонку трубіць шэраг аўтаў
фініш баляў, парці, раўтаў:
камэнданцкая гадзіна

Нэоны па кавярнях гаснуць
каханкі йдуць навобмацак
пад небасхілам звышпрыўкрасным
ня хочуць кідаць вобдымак

Задарма тлусьценны месяц
ім кактэйль каханьня зьмесіць
Зоркі лямпамі начнымі
зьзяюць: бар начы адчынім
з камэнданцкаю гадзінай!

Пераклаў з чэскай Макс Шчур, 2013

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Быццам бурбалку пабачыў,
быццам мроя праляцела —
хто на сьвет глядзіць падобна,
той цару ня бачны сьмерці.

спадар выкладчык радасна падышоў да іх
па старой памяці паздароўкацца
ў таемным спадзяваньні што яны запросяць яго зь імі выпіць
але пачуў ад іх толькі ёмістае
Пайшоў нахуй, КОЗЬЛІК

Пераклад:
Макс Шчур

От, нішто сабе ўмалот!
Мне хапае ўзнагарод!
Вунь, шэсьць штук ужо й на сьпіне —
Я як елка ў Новы год!

Сунімаць чарговы раз
Шчыры гнеў народных мас
Для мяне няма карысьці:
Сам за зло трымай адказ!..

Недарэка зь недарэкаў — а як закукарэкаў! Злуецца цар, — ды паспрабуй, удар! Іншы стаў час, не даруюць абраз! Выйшаў цар з палаца, воўкам зірк — а на пляцы ўся чыста краіна пасьпела сабрацца!

І. Г. Крхоўскі
Пераклад:
Макс Шчур

Звон загучаў пустым саборам —
я ўстаў і болей не засну.
Зірнуў на непрыкрыты сорам:
зноў пацучынам-візыторам
пашчасьціла ў маю труну
залезьці й мне абгрызьці косьці,
пакуль у сьне чакаў я дня...
Прадвесьцем страшнага чагосьці
слых скаланула мітусьня.