Дзейныя асобы:
А
Б
В
Сцэна 1.
А. Ты нешта бачыш?
В. Не.
Б. У мінулым?
В. Там вершнік на белым кані!
А. Праходзіць лета.
В. У вечнасьці палыны не сьмярдзяць дзіцячымі дупкамі.
Б. Твая будзе сьмярдзець нават па-за вечнасьцю.
В. У шчасьця прыемны пах.
Б. Няўжо бачыш?
А. Лысая капуста.
В. Арыштанцкія роты?
Б. Ціха.
А. А тлумачэньні?
Б. Закрытыя фарматы.
В. Плюсавалі нават дзяцей.
Б. Дзеці – сьвятое. Як цьвік у боце.
А. У боту?
В. У бататах, баабабах і бабах! У бабах быў мак, за макам расьлі гусі. Бабы’ рвалі бáбы!
А. Сісястыя?
Б. Пісалася не “Сісястая баба”, а “Барадатая жанчына”!
А. Дзейная асоба.
Б. Хто?!
В. Жанчына. Сэмюэль Бэкэт, “У чаканьні затурханых”.
А. Сынок Бэ-бэ-бэ!
Б. Сын гор!
В. А рогі гор – як бог Сварог!
Б.Не паліндром!
А. Плюгавалі?! (Паўза). Так чытаецца.
В. Чытаецца заўсёды наадварот. Нават калі пішаш канчаткі.
Б. Навошта пісаць канчаткі?!
А. А навошта бачыць бялізну?!
В. Атавізм мінуўшчыны.
А. Абсурдовасьць быцьця, Ігар Сідарук.
Б. Які піша чарнуху, парнуху і іншую брыдоту?
А. Вашы найменьні – тормаз дзеі.
В. Разадраць рот – ня голым пад танкі.
Б. Якія танкі?! Там вершнік на белым кані.
В. Ты хочаш ваксы?! Ты хочаш жэрці ваксу як мёд?
А. Мядовыя гумкі болей не пампуюцца прамысловымі насосамі.
В. Гуму возяць толькі тачкі!
Б. Ня можна было паехаць! Хто – бачыў?!
А. Лезь на дрэва.
Б. А бот?
В. Ты хочаш сказаць, камянюка?
А. Зможаш?
Б. Дзе ты бачыш на мне боты?!
В. Як і ты – расу ў вачах і пешыя дарожкі.
А. Лыжнёвыя. Для пакарыцеляў Космаса.
Б. Лэжнеў? Памёр у пачатку дзевяностых. Быў кубінскім партызанам.
В. Кубінскія партызаны не стралялі самапальныя самакруткі.
А. Як ты?
Б. За захадам – захад. Зыход?
А. Ты можаш плакаць?
В. Толькі вечарамі, калі разьвітальны вальс і тандэм Ільчанка-Карцаў.
А. Будзе лепей. Так заўсёды: будзе лепей.
Б. Вы вар’яты з-пад танкаў: ні Сідарук, ні Янэска так не пісалі!
А. Маглі толькі сьмяяцца: так карцела ім пернікаў і свабоды.
В. Дубцадрала.
А. Сыр “Марыца”, чамусьці бязь дзюрак.
Б. Каб ня лезьлі ў капіталізм.
В. Не-эканоміка! Не-анатоміка! Не-гідрапоніка!
А. І ня верная жонка. Колькі разоў глыкалі дзеці сьпірытус?
Б. Сьпірытус – ня іх беднасьць!
А. Абылгалі, плюнулі й шрубам – у лоб!
В. Дрын – у рукі?
Б. Бо за храп – па храпе!
А. Ты бачыш?
Б. Не гавары “не”.
А. Ня блытаеш?
В. Попел стагнацыі.
Б. Не пісалі кубінцы мэмуараў!
А. А Лэжнеў?
В. Каменнай сякерай па танклявых пальчыках самотнай надзеі. Па карунках крыві й чаромхі. Па здабытых газэтах у вольніцу!
Б. Не было адмашкі!
А. Машка ня клікала абсургэнтаў!
В. Пакінь вілы ў канюшыне!
А. І фруктовы запас для порна.
Б. Такі порна? Забаронена партызанскім рэглямэнтам!
А. Партызаны як сон – не вяртаюцца.
В. Асыпаецца ўсё, нават лета.
Б. І ты супраць праўды?
А. Аншлюс, выгода і вестачка.
В. Неразборнае ў Аргентыне.
Б. Давайце дамовімся. У кожнага было заданьне.
А. Няма памяці ў зьніклых гістарычна!
В. Па зьніклых гістэрычна? А пастаноўка на Кубе? Першая п’еса была болей элемэнтарнаю!
В. Таму што галава.
Б. Што – галава?
А. У яе і спытай.
В. У безгаловай?..
Б. Безгаловым быў толькі дурань! Ня ён расстрэльваў маўклівых калябарантаў!
А. Прымешка сьмешыкаў – голыя ў дупель!
В. Лы-сы-я. Як сьпявачка-мамачка.
А. Ліка Агурбаш? Бачыў на заданьні. Прыгожая!
Б. Ялінскай была прыгажэй.
В. Ты возьмеш сьмеласьць?!
Б. Я толькі быў са сьпявачкай “Крэйцэраўскай санаты”!
А. Задавала пытаньні?
Б. Атруціла склад грыбамі.
А. Ну што там? Бачыш?
Б. Бачу. І нават ня сьледу. Босыя ўсе ці што?
А. Ня можа быць. Сьляды пакідае нават элекрычнасьць.
Б. Пускалі… Дрыгалі нагамі як зайцы.
А. Таньчылі?
В. Тлуста пахла мышамі.
Усе з жахам глядзяць адзін на аднаго.
Сцэна 2.
А. Усё заўсёды так проста.
Б. Проста?! Каб было проста, не было б гэтага тлушчу! І маленькіх, плаксівых жэрлікаў – не было б таксама! А жалезьзем па голых пятах – не спрабавалі?! Ня вы – а вам! І што, думаеце, адмовіцца і пайсьці? От так разадраць кашулю – і ў абсургэнты? Ці ў калябаранты?! Бачылі мы іх, розных… Чамусьці вельмі любілі заляцацца да прастытутак. А вінавацілі – нас!
В. І правільна.
Б. Ты заўсёды думаў дупаю, выключна дупаю!
В. Што ў абсургэнты.
Б. Хто можа быць дакладным у канфрантанцыі?!
А. Чаму ж тады не вярнулі боты?
В. Не вяртайце даўгі радзіме – яна такая ж сука, як рудая дантыстка.
А. Мужчыны без жанчынаў. Дакладна вызначыў Эрнст!
Б. Ці не зашмат імёнаў? Недачалавекі…
В. У чалавечнасьці болей няма Барэка Абамы.
А. Ёсьць гандаль трыпутнікам. Як абяцалі.
Б. Вы ж маўчалі таксама!
А. Затое кабылы ня лезьлі пад танкі!
В. Зноў танкі? Гэта ж не Агурбаш, каб пад танкі.
Б. А цьвік?! Сымболь пакуты. Ад павукоў і бяссоньня. Навошта Быкаў напісаў “Крыж Магелана”?! Не было вяровак на тых караблях! Толькі на рэях!
А. Ты што – іх тапіў?
В. Прасраў даўно.
Б. Мая рэпліка! Я даўно прасраў свае боты! Толькі хто першы сказаў, што разьвітаньне з радзімаю – не палянэз?
А. Мы чулі.
В. Ты ўсё роўна і сёньня іграеш у хованкі. Але казармы будуць дэ-ва-е-ні-за-ва-ны-я!
Б. Які доўгі цэп! Зашытыя цыяніды не запісаныя ў пратаколах!
А. Затое раскапаныя магілы. Афіша дня!
В. Дзяўчына тыдня была лепей. І баўтушка для палюбоўніцы. У Маладэчне.
Б. Стой нерухома!
В. Толькі пад знакам Стральца.
А. Будзем бязь дзевак? А мілітэрскія дробязі?
Б. Вы ўпэўненыя ў адваротным? Ніхто ж ня бачыў зыход!
А. Аблудная авечка бачыць і ў цемры.
В. Толькі год да спачыну. У лядовым казэмаце “Вільня-Масква”!
Б. Ня думаю, што разварушаць. Там шмат штампаваных білетаў. І вашых таксама.
А. Подпіс Абэцэдарскага.
В. Твой пасьлядоўнік у тэорыі экзэкуцыяў?
Б. Прымушалі практыкаваць!
А. Пакажы.
Б. Не было там ніякага неба. Зялёнае рэчыва. (Паказвае на В.) А ён любіў чакалядкі.
В. Я блытаў Марс зь Ніягарскім вадаспадам!
Б. Паэты забіваюць болей жорстка.
В. Паэтаў забіваюць болей жорстка!
А. Трапны троп. Але вобраз быў у кампосьце.
Б. І канапкі. Яшчэ канапачкі. З масьлінамі й бяз костачак.
В. Адрэзаны палец у вадзе кроваточыцца болей.
Б. Таму й выдавалі каньяк.
А. Смалакуры таксама ня таньчаць канкан!
Б. Місыя незаменных?
А. Ты ж быў героем! Трымаў пісталет з выскалам электра-тэхніка!
Б. Падводзіла й тэхніка…
В. Чалавечы фактар як факт! Абапіраліся, былі ў модзе.
А. І цяпер – баіцца толькі шчасьлівы?!
Б. Ты таксама ня памёр ад кастрацыі!
А. Жыцьцёвы тонус. Раўняліся на…
Б. Я ня быў у засадзе! Дарма спадзяваліся, што ўсе будуць далакопамі!
В. Роў бясьсьледных. Маміны магілы.
Б. Ня лёг бы, каб нават прасілі!
А. У нас запрашэньні выдаюць толькі ў ваенкамаце.
Б. Банкаматы ня п’юць кока-колу!
В. А пісалася “кока-колю”. Дарма.
Паўза.
Б. За захадам – захад. Зыход?
А. Не здымай чаравікі. Здраднік сам выбярэ для сябе дрэва.
В. Тады ўжо Інтэрнацыянал! Каб разам.
Б. Па купках! Мы сьпявалі па купках. Толькі чуткі пускаліся наперадзе самакатаў! А хто мог прадбачыць татальную імпатэнцыю ў тых жа кастратаў?! Думалі, выцягнуць нумарацыю наадварот! Тады б нам было сапраўднае поле!..
В. І дзьверы ў неба.
А. І на вышках – без кулямётаў.
Б. Ваш кулямёт – падман зроку! Не было нават каліва падабенства атруты.
А. Чаму ж ты дакладна ведаеш, куды хто пайшоў?
Б. А сьпіс з рыскай “Бэ”?
В. Маглі сфальшывіць у вішнёвай растарацыі. Падмена мэню – мінэт замест менуэту.
А. Немагчыма практыкаваць так часта!
Б. Думаеш?
А. А ты як думаеш?
Б. Мае думкі намотвалі на ланцуг і нават не давалі дасьледаваць гроты Кіліманджара!
В. Хлусіш. Ты не вуглездабытчык. Табе не давалі цалаваць залатыя кудзерыкі хлапчаняткі, які палівае з фантана!
А. Праліўныя дажджы. Так заўсёды.
Б. Вы былі ў тых гротах! Вы трымалі за цыцкі маман Грэтхен!
В. Толькі калі яна плакала і прасілася ў адпачынак. Да ведама: сьпіс з рыскай “Бэ” ня зжэрты.
Б (з жахам глядзіць на В). Цыркуляр быў дакладны! Кожны атрымаў нататнік і кулю!
А. Лячылі ня ўсіх. Толькі хадзячых. Па тры пачкі солі, рэляксычны сьняданак і канцэнтрацыя на патыліцы.
В. І намёт сочыва. Пахла косткамі.
Б. Маці як костка?!
А. Ня блытай назовы. Калі пачыналася – гакалі ўсе.
Б. Нехта зыходзіў. Заўсёды знаходзяцца, хто зыходзіць.
А. Засталіся як ты?
Б. Рэглямэнт не адменены і па сёньняшні дзень!
В. Ці ня ты раздаваў тыя нататнікі?
А. Толькі кулі. У дзіцячых гаршчэчках.
Б. Самаробным быў толькі анатамічны даведнік!
А. Хопіць былога запалу. Ты апошні, хто бачыў.
Б. А ты? Яшчэ ваксаваў боты.
А. Не мяняй нажніцы на каменьчык. Выб’еш зубы.
В. У падманныя валацугі запісваліся ўсе. А пазначалі – “ня ўсе”. Як было разабрацца, хто ступіў у разору, а хто ляжаў поперак ды ўздоўж?! А яшчэ месяцовыя дрыжыкі – па ўсім целе і толькі пад вечар – танга з абачлівымі! Па трох у пары!!
А. Гамафобія?
Б. Звычайны дысананс сярод згодных. Многім падабалася.
А. А табе?
Б. Мне абяцалі.
А. Што абяцалі?
В. Маркоўныя шышкі й струпакі. Будзеш разьдзіраць – будзеш вечным.
Б. Я не хачу быць вечным! Немагчыма забыць! Хто ведаў, што тыя тангі ня пішуць з разьлікам пакінуць адбіткі?!
А. Так, па парадку. Танкі бяз хоку – ужо не айчына. Ты зблытаў. Калі танга танцуюць лэсбі – трэці пералічвае кулі. Геі й лэсбі – супраць танго “Пан-Амэрыкэн”!
В. І боўтаецца месяц у калодзежы. Выцягнулі нежывога.
Б. Праверце… Праверце па сьпісах! Адзначаны рыскай “Бэ” – усяго толькі канагон! Звычайны аматар мятных лядунчыкаў!
А. На могілках нецэнзуршчыны, ты хочаш сказаць?!
В. Прычым аніхто ўжо ня будзе ведаць. Нават твой конь.
Б. Ня можа быць!!
Доўгая, напятая паўза. Усе дранцьвеюць.
Сцэна 3.
А. Урэшце, чаму ты баісься праверыць?
Б. Адвярніся. Хопіць бачыць расьціснутыя абцасы.
В. Расьціснутых у абцасах?
А. Абцасы, заціснутыя ў росьце!
Б. Лінейка адмярала тры нулі! Лічба выдавалася толькі вечарам!
А. Таму еў грэнадэрскую поліўку?
Б. Раз… Раз-два… Раз-два-тры… Разьвернем!
В. Слова кансьпіратара. Але кожны…
Б. Болей бачыў крохкае рэчыва! Хто вырашыў, што восеньню будуць вусені, зашытыя ў мазгі?!
А. Літаральна паўлітра. Твая лінейка?!.
Б. Не сабачы атрамант! Вашы пальцы – што, камуфляж?!
В. Для каханка не-правакатара місыя была іншай.
Б. Звычайшчына! Надзвычайная звычайшчына! І цяпер добрыя толькі карэспандэнты?!
А. Так, пачынаецца. У карэспандэнты пісаліся звычайныя карэспанданты! Барво ў брыво – не мая фарба!
Б. А дзіця? Заводзіў у канюшыну і клаў руку на макаўку?!
А. Сорак пяты артыкул быў недапрацаваны!
Б. Ніхто не даваў права ўмешвацца ў кола абвешчаных! Я не чапаў нават карнішоны! А іх вырошчвалі ня дзеля кудзерак!
В. Калі ты… Калі ты гатовы… Калі ты гатовы сказаць нават пра кудзерыкі… І думаеш, ніхто не заўважыць, што быў на тым фота так блізка…
Б. Якое фота?! Ты бачыў?!
А. Чаго ж так западаеш на абвяржэньні?
Б. А хто трымаў апарат?
А. Звычайны паэта. Яму смыліць, каб не прыкідвацца дурнаватым!
В. Галасы ў зэніце?! Апарат не ўтрымаць, калі рукі кахаюць ружы!..
Б. Узнагарода за гонар. Вычварэнцам давяраюць асабліва!..
А. Як вы лоўка ад тых кудзерак… А хто насамрэч бачыў?
Б. Чарговы зыход?
В. Там вершнік на белым кані!..
Б. Ужо не на белым! Як і нам, мы павінны ўсім!..
А. Дакучваньне надакучнасьці.
В. І маленькі зэдлічак, выбіваны жаласна па чарзе.
Б. Што з таго?! Даведка болей важная за цыркуляр.
А. І гэта ўсё, што муляла ў боце?! Хто маўчаў пра тое, што дзяўчынка кахалася сама з сабой?!.
В. Разьвярніцеся: хіба ліпень можа гэтак глядзець скрозь нас?
А. А ты не падманвай апошнія сонечныя батарэі! Няма запісаў – адзіныя стужкі.
Б. Нам морды выварочвалі, як кішэні! І клалі кожнаму – па лусьце з сочывам.
В. Штоночы мочысься?
А. Кягелькі выкочвае. (Нечакана крычыць). А-а-а! Пальцы! Адрэж мае пальцы! Гэта не дзяўчынка і дзюрачка! Гэта Фартынбрас і дзень дурака!
Б. О! І вы рюсізмамі загаварылі! Будзе раўназначны абмен?..
А. Раўназначны? Адназначна! Тых чорных пальчыкаў – аж занадта адбіткаў!
Паўза. Усе недаўменна глядзяць адзін на аднаго.
Сцэна 4.
В. А можа, паспрабуем?
А. Ты нешта бачыў?
Б. Каб жыць – ня трэба бачыць!
В. Ага, трэба скрылёчкамі – і ў капусту.
А. Звычайны крок. Але ж і труба – у каленях.
Б. Можам і не вярнуцца.
В. Плачаш?
Б. Выплачана. Як дапамога па беспрацоўі.
А. Дакладным вечарам, калі скончыцца місыя.
В. Самае паганае, што ў некаторых яна бясконцая.
Б. Калі спрабаваць – адчыняйце! Само кола ня вечнае.
А. Ты што?! Вось так – і кніжку?!
Б. А чаму немагчыма кніжку? Якая розьніца, з чаго вырабляць стужку?
В. Без патрэбы?
Б. Ты забыў, хто трымаў аўтамат?
А. Пакіньце! Самі кажаце – жыць.
В. А колькі яшчэ хрызантэмаў – і роварнымі ланцугамі!..
А. Можна проста: на клюмбу і сьцішаны, ласкавы паліў.
Б. Зьвянуць. Не чаві, будзеш лысым!
А. Без катэгорыяў асабістасьці! Ніхто ж не адказаў: што там? Хоць побач, хоць блізка, ці нават здалёк: конь, вершнік ці проста – белае?!.
Б. Здаецца, нешта такое. Але помніць, хто помніць…
В. Ніхто. Думаю, мы зараз даведаемся…
З жахам, пакутліва доўга і маўкліва глядзяць адзін на аднаго. Ім страшна, ім балюча, ім млосна. Магчыма, калі б не было б так страшна, усе ўтрох страцілі б прытомнасьць. Аднак – трымаюцца.
А. Дык якую ірваць старонку?
Б. Можаш?
В. Можа. Дапускаецца, што вусьцішна было ад пачатку. А потым – ужо сьпявалі. Шкада, што адмянілі патэфоны – у іх болей дасканалы гук.
А. І нават голасу… Але, калі ўсе ня чулі, - як атрымалася, што ўсе раўлі?!
Б. Хацелі. Проста хацелі.
В. І што?.. З маленькім рамонкам у вузенькім зашпліку?
А. Шырокія ў нас дарогі, аднак. Які тады сэнс лезьці на дрэва?
Б (нечакана крычыць). А-а-аа! Калі вось так: на стале тры кубкі й гарбата – дыбарам валасы!!
В. Валасы таксама – можна зрэзаць. А вось канчаткі? Як быць з канчаткамі, калі словы бязь іх – ня словы?..
А. Хопіць пра словы. Іх ня трэба. Як і ног, дарэчы. Але й з нагамі – не пераступіць…
Б. Думаеш, гэта я?! Няма тут першых! Але зь нечага – такі зрабілі!
В. Шэрае рэчыва? Ці шмат іншых?
А. Ага. Як зубная паста. Толькі іншым разам так хочацца, каб учавіцца назад.
Б. Начная зьнямога. Нарэшце.
А. Сьцьвярджаеш ці насамрэч?
В. М-м!
Б. М-м?..
А. Ммм! Магчыма.
Б. Ааа! Немагчыма! Ну хіба такое магчыма?!
В. Чалавек як кавун разразаецца лёгка. А сабраць – як кубік рубіка: улева-управа і ломка!
А. І праз ломку – да Машы. Чакае…
Б. А калі не? Калі нават Машачку – і да дрэва?
В. На якое? Пакажы, пакажы – на якое?!
А. Табе справа? Нават палка страляе.
В. Але ж можна! Можна хаця б раскрыць…
Б. Хто пачне?
В. А хто быў адданым і верным? Перавага.
Б. Калі рыса і крок – якая сабачая перавага?! Да палігону – толькі на ровары. Далей – пешшу…
А. Закрытыя палігоны! І на роварах – перамотка ланцугоў! І ўсё-такі… калі мы... калі мы такія… Блін! Забыўся: былі ці будзем? І што, урэшце, губляць?!
В. Жыўчыкам – нават дразафіла. А мы яшчэ без калёшаў.
Б. Успомніў?! Ты ж пляваўся! Хоць адмерана было па край!..
В (зь нянавісьцю глядзіць на Б). Ты – клаў?!
А. А калі нават я?.. Хіба Машцы істотна? Яна чакае не шрубалётаў і фіксацыі клапалоўства. Пагалоўна… Ёй трэба наадварот.
В. Якое адварот?! Што вось так, – і чыстыя паперы? (Насоўваецца на Б. Той з жахам адступае).
А (не ўмешваецца). А ты хочаш гаўнатачку? Ці мала катаў?
Б. У мяне былі тэлефанаваньні! І запрашэньні! І я памятаю вашыя галасы!
В. Падраблялі нават дулі. Адны круцяць, а іншых паказваюць. Хоць тачка тая… (Глядзіць на свае пальцы, прынюхваецца да іх).
А незаўважна ад Б і В таксама нюхае свае рукі.
Б. Што – успомніў?
Цішыня.
Ну што – успомніў?
Цішыня.
Ну што, успомніў?!
В. Успомніў. Пачатак, як заўсёды, на эм.
А. Мама?
В. Маша. Маша мыла раму…
Б. А ў Сашы – шары!
А. Дай, Саша, шар – у Машы мыла!
В (болей хутка). Не любіла Міла мыла, мама Мілу мыла мылам!
І раптам узрываюцца ўсе разам:
УСЕ. Ехаў грэка цераз рэку, бачыць грэка — ў рацэ рак,
ўсунуў грэка руку ў рэку, рак за руку грэку — цап! Ішла Саша па шашы і смактала сушку! Геоляг Георгі герой гей-оргій! Гаварылі, гаварылі, не дагаварылі, дагаворваліся, дагаворваліся ды загаварыліся. Булка з бульбай біліся, біліся, бульба булцы як дала – булка сплюшчылася! З бабранятамi бабры Робяць грэблю ў бары. Рады ўвесь бабрыны род: Будзе грэбля цераз брод. Лора на лаве Сядзела і лоўка Так гаварыла
Скорагаворку: „Скорагаворка На лаве сядзела, Лоўка на Лору
З лавы глядзела. Ускочыла з лавы І ўселася лоўка Проста на Лору Скорагаворка!”
А. А – Маша?
Б. А ў Машы – самакат!
В. І ў Ігната – машына. Хадзі, Ігнат, да нас: будзем гуляць разам!
А. А зарагатаць?
І яны пачынаюць рагатаць. А магчыма, голасна плакаць. І бачна, што ім вельмі страшна. Але яны ўжо – не баяцца…
2011 г.